КАЛАГЕ́НАВЫЯ ХВАРО́БЫ, калагенозы,
хваробы, пры якіх бывае аднароднае сістэмнае пашкоджанне злучальнай тканкі (асабліва прамежкавага яе рэчыва і валокнаў, што маюць калаген) і сасудаў. Тэрмін прапанаваны амер. патолагаанатамам П.Клемперэрам (1942). К.х. ўключаюць сістэмную ваўчанку чырвоную, дэрматаміязіт, сістэмную склерадэрмію, рэўматоідны артрыт і інш. Агульная асаблівасць патагенезу К.х.: аўтаімунныя парушэнні, у выніку якіх у розных органах і тканках арганізма падтрымліваецца хранічны імунны запаленчы працэс. Мяркуюць, што хваробы выклікаюцца вірусамі, генет. схільнасцю. Прыкметы К.х.: ліхаманка, артрыты, страта масы цела і інш. трафічныя парушэнні, пашкоджанне ўнутр. органаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.
М.Ф.Сарока.
т. 7, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)